«БЕЛАРУ́СКАЕ ЖЫЦЦЁ»,
грамадска-паліт. і літ. часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1919 у Вільні, са снеж. 1919 да сак. 1920 у Мінску на бел. мове лацінкай і з вер. 1919 кірыліцай як ілюстраваны штотыднёвік нерэгулярнай перыядычнасці. Рэдактар-выдавец Ф.Аляхновіч, з 1920 літ. кіраўнік З.Бядуля. Часопіс выступаў за стварэнне самастойнай бел. дзяржавы бурж.-дэмакр. тыпу або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога ВКЛ, якая, на думку рэдакцыі, магла б процістаяць Польшчы, Расіі, Германіі. У шэрагу праграмных артыкулаў выступаў супраць палітыкі бальшавікоў і адначасова супраць белагвардзейскай і ням. палітыкі заняволення Беларусі. Крытыкаваў палітыку Польшчы за няўвагу да нац. самавызначэння народаў, зямельнай рэформы і дэмакратызацыі. Для светапогляду большасці аўтараў характэрна традыц. канцэпцыя бел. народніцтва, арыентацыя на вёску і ідэалы вольнай кааперацыі як спецыфічна бел. гіст. шляху. Меў літ.-маст. аддзел, які вызначаўся жанравай разнастайнасцю, шырокім ахопам гісторыі бел. маст. культуры і яе праблем, асабліва л-ры і нац. тэатра.
У.М.Конан.
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)